VIVAT VITA. Выбранае

Мероприятие уже прошло
Время работы:
10:00 да 19:00
Билеты:
Дарослыя - 2, 50 р. Студэнты, навучэнцы – 2,00 р. Школьнікі – 1,00 р.

“I трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў “VIVAT VITA”. Выбранае”.

Арт-фестываль выяўленчага мастацтва, у межах якога адбыліся I Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў і выставачны праект “Графіка года”, праходзіў у лістападзе-снежні 2020 года ў Рэспубліканскай мастацкай галерэі “Палац мастацтва” і стаў самай яркай творчай падзеяй мінулага года.

У экспазіцыі выставы “Выбранае” гродзенскія гледачы пазнаёмяцца з лепшымі творамі праектаў “І трыенале жывапісу, графікі і скульптуры” и “Графіка года”. Прадстаўлены работы аўтараў розных узростаў, розных жанраў, тэхнік, спосабаў і метадаў мастацкага даследавання жыцця. Аб’яднаны яны агульным дэвізам арт-фестываля – “VIVAT VITA“ (Жыве жывое мастацтва), а таксама часавым прамежкам стварэння – апошнія тры гады. Спадзяемся, гледачоў закрануць і прымусяць паразважаць філасофскія і сацыяльныя тэмы твораў: пераасэнсаванне важных вех у нацыянальнай і сусветнай гісторыі, культуры, актуальныя пытанні светабудовы, праблемы экалогіі.

Для мастакоў і мастацтвазнаўцаў, гледачоў такія буйныя калектыўныя выставы — гэта не толькі сапраўднае свята, вынік напружанай творчай працы, сустрэча на адной экспазіцыйнай прасторы розных пакаленняў і светапоглядаў, але і своеасаблівы даследчы зрэз. Такія экспазіцыі дазваляюць убачыць, якія пытанні вырашаюць сучасныя мастакі падчас сваіх творчых эксперыментаў. А для уважлівых і зацікаўленых гледачоў — гэта ўнікальная магчымасць не толькі ў адным месцы пазнаёміцца з лепшымі і найбольш арыгінальнымі творамі, але і паспрабаваць прааналізаваць тое, што зараз хвалюе беларускіх творцаў, наколькі беларускае мастацтва здольна рэагаваць на выклікі часу, ці суадносяцца ідэйныя і тэхнічныя эксперыменты з працэсамі, якія адбываюцца ў аналагічных відах мастацтва іншых краін.

У экспазіцыі прадстаўлены таксама работы лаўрэатаў І Трыенале жывапісу, графікі і скульпутры Беларускага саюза мастакоў, выбраныя па розных намінацыях, запрошаным журы з мастацтвазнаўцаў.

Гран-пры І Трыенале жывапісу, графікі і скульптуры Беларускага саюза мастакоў атрымала мастак-жывапісец Кацярына Сумарава. 

Пераможцамі ў намінацыі “жывапіс” сталі – Васіль Касцючэнка (1 месца), Таццяна Радзівілка (2 месца), Аляксандр Даманаў (3 месца). Пераможцамі ў намінацыі “графіка” – Юрый Якавенка (1 месца), Юрый Тарэеў (2 месца), Уладзімір Шапавалаў (3 месца). Пераможцамі ў намінацыі “скульптура” – Канстанцін Селіханаў (1 месца), Сяргей Аганаў (2 месца), Аляксандр Сакалоў (3 месца).

Таксама былі вызначаны лепшыя работы праекта “Графіка года”. Пераможцамі ў намінацыі “Арыгінальная графіка” сталі – Вера Каўзановіч (1 месца), Уладзімір Рынкевіч (2 месца), Андрэй Савіч (3 месца). Пераможцамі ў намінацыі “Друкаваная графіка” – Марыя Кошалева-Ліхота (1 месца), Андрэй Басалыга (2 месца), Марыя Мароз (3 месца).