World Press Photo 2018

Мероприятие уже прошло

Фундацыя «Сусветнае прэс-фота» абвесціла вынікі свайго найвядомейшага спаборніцтва ў красавіку ў Амстэрдаме, на 61-й цырымоніі ўшанавання пераможцаў конкурсу фатаграфіі і 8-й – конкурсу лічбавага сторытэлінгу.

Журы фотаконкурсу 2018 года назвала працу венесуэльскага фатографа Ранальда Шэміта (Ronaldo Schemidt) Сусветным прэс-фота года. Конкурс «Сусветнае прэс-фота года» адзначае фатографа, чые візуальная крэатыўнасць і майстэрства мелі вынікам здымак, які адлюстроўвае ці рэпрэзентуе падзею, важную ў мінулым годзе ў журналістыцы.

Журы на чале з Магдаленай Эрэрай (Magdalena Herrera) уганаравала прызам здымак Ранальда Шэміта пад назваю «Венесуэльскі крызіс». Гэты здымак таксама заняў першае месца ў катэгорыі «Пільныя навіны, адзінкавае фота». На здымку 28-гадовы Хасэ Віктар Салясар Бальса ахоплены агнём у гушчы сутыкнення са спецназам, падчас выступаў супраць прэзідэнта Нікаляса Мадура ў горадзе Каракас, Венесуэла. Салясар загарэўся, калі выбухнуў паліўны бак матацыкла. Мужчына выжыў, атрымаўшы апёкі першай і другой ступені. Шэміт (1971 г. н.) – штатны фатограф мексіканскай філіі «Agence France-Presse».

Магдалена Эрэра, фотадырэктарка французскай версіі часопісу «Geo» і старшыня журы, гэтак кажа пра выбар сусветнага прэс-фота года: «Фота года мусіць апавядаць пра дастаткова важную падзею, а таксама прымушаць задаваць пытанні… Яно мусіць далучаць нас да таго, што адбылося, і дэманстраваць нейкі погляд на падзеі, якія маюць месца ў свеце сёлета».

Вось як яна апісвае здымак-пераможцу: «Гэта класічнае фота, але яно мае імклівую энергію і дынаміку. Колеры, рух, а таксама выдатную кампазіцыю. Гэта моцнае фота. Мяне яно агаломшыла…»

Сябра журы Ўітні Джонсан (Whitney C. Johnson), намесніца фотарэдактара часопісу «National Geographic», дадае: «Фота даволі сімвалічнае. У чалавека на твары – маска. Ён – гэта не толькі ён, ахоплены агнём, гэта таксама ўвасабленне Венесуэлы ў агні».

Сябра журы Бюлент Кылык (Bülent Kılıç) старэйшы фатограф турэцкай філіі «Agence France-Presse», працягвае: «На здымку ёсць адна дробная дэталь. Графіці – пісталет на сцяне. Там напісана «paz», то бок, «мір». Гэта таксама надае выяве моц».

І, нарэшце, вось што кажа сябра журы, фотажурналістка Эман Мугамэд (Eman Mohammed): «Гледзячы на здымак, ты адчуваеш сілу людзей. Сілу тых, хто не маўчыць».

 

Сёлета – новы працэс абвешчання намінантаў

 

14 лютага фундацыя абвесціла намінантаў у кожнай катэгорыі конкурсу фота, конкурсу лічбавага сторытэлінгу і шэсць намінантаў «Сусветнага прэс-фота». Імёны пераможцаў, у тым ліку аўтара Сусветнага прэс-фота года, былі агучаныя 12 красавіка на цырымоніі ўганаравання ў Амстэрдаме.

Падрабязней даведацца пра гэтае новаўвядзенне, а таксама яго прычыны можна тут.

 

Праца журы фотаконкурсу-2018

 

Конкурс быў бясплатны і сабраў заяўкі з усяго свету: 4548 фатографаў са 125 краінаў даслалі 73 044 здымкі. Разам у васьмі катэгорыях узнагародзілі 42 фатографаў з 22 краінаў.

Каб разгледзець усе заяўкі, група сусветна прызнаных прафесіяналаў сабралася ў Амстэрдаме. Сакратар без права голасу сачыў за датрыманнем сумленнасці працэсу, падрабязна апісанага тут. Каманда, рада і партнёры фундацыі «Сусветнае прэс-фота» не маглі ўплываць на рашэнне журы.

Поўны спіс сябраў журы і сакратароў можна пабачыць тут.

Каб выбраць пераможцу 61-га конкурсу «Сусветнае прэс-фота», пачынаючы з 13 студзеня 2018 года за тры тыдні журы праглядзела 73 044 здымкі.

Сёлета фундацыя «Сусветнае прэс-фота» запрасіла Магдалену Эрэру ў якасці старшыні галоўнага журы фотаконкурсу. Да Эрэры далучылася разнапланавая група фатографаў з пяці кантынентаў, роўная колькасць мужчынаў і жанчын – прафесіяналаў у сваёй фатаграфічнай галіне, у чатырох спецыяльных журы і адным галоўным.

Журы – незалежнае, і ніхто з супрацоўнікаў ці спонсараў фундацыі «Сусветнае прэс-фота» не меў права голасу. Працы ішлі на конкурс без пазначэння імёнаў фатографаў.

Тут можна паглядзець падрабязнасці працэдуры і сістэмы галасавання разам з этычнымі кодэксам, рэгламентам, правіламі, катэгорыямі ды пералікам таго, што лічылася непрымальным падчас працы журы, бо магло выклікаць маніпуляцыі.

Фотаконкурс-2018 вылучаецца новай катэгорыяй, «Экалогія», якая дакументуе ўплыў чалавека, станоўчы або адмоўны, на навакольнае асяроддзе. Разам з тым невялікія змены ў рэгламенце зазналі катэгорыі «Актуальныя тэмы» і «Прырода». Катэгорыя «Штодзённасць» была скасаваная.

 

Выстава-2018

Фатаграфіі-пераможцы кампануюцца ў выставу, якую дэманструюць у 100 гарадах 45 краінаў, яе бачаць больш за 4 мільёны чалавек. Здымкі-пераможцы таксама публікуюцца ў штогадовым альбоме, даступным на шмат якіх мовах. Першая выстава «Сусветнае прэс-фота – 2018» адкрылася 14 красавіка 2018 года ў амстэрдамскай галерэі «De Nieuwe Kerk». Каб атрымаць больш звестак пра выставу ў Амстэрдаме, калі ласка, націсніце сюды.

Сёлетняя экспазіцыя надрукаваная на шырокафарматных друкарках «Canon» і планшэтных друкарках «Arizona». Каб атрымаць больш звестак, калі ласка, наведайце сайт «Canon».

 

Конкурс «Сусветнае прэс-фота: лічбавы сторытэлінг – 2018»

Конкурс лічбавага сторытэлінгу адзначае тых, хто стварае найлепшыя формы візуальнай журналістыкі, якія сталіся магчымымі дзякуючы лічбавым тэхналогіям і развіццю інтэрнэту. Лічбавыя сторытэлеры, візуальныя журналісты і прадзюсары могуць заявіць на конкурс працы прафесійных візуальных журналістаў. Тут вы можаце прагледзець галерэю ўсіх намінантаў на Конкурс лічбавага сторытэлінгу 2018 года.

Сёлета на конкурс было пададзена 308 твораў: 149 кароткіх формаў, 63 доўгія формы, 68 гісторыяў з эфектам прысутнасці і 28 авангардных гісторыяў. 12 твораў былі намінаваныя ў 4 катэгорыях. Доступ па лічбавага медыя-пакета гісторыяў – тут.

 

Тэхнічная справаздача

Гэтаксама, як у два мінулыя гады, фундацыя «Сусветнае прэс-фота» падрыхтавала тэхнічную справаздачу, якая апісвае рэгламент конкурсу, этычны кодэкс, правілы падачы заявак і працэс верыфікацыі конкурсных працаў.