«Радуйся, райскае дрэва»

Мероприятие уже прошло

Хрышчэнне Русі – гістарычная падзея, якая мела выключнае значэнне для народаў, якія засялялі старажытнарускія землі, і была звязана з імем вялікага князя Уладзіміра, праслаўленнага Праваслаўнай Царквой у ліку святых.

Амаль адразу пасля Хрышчэння на землях Старажытнай Русі з’явіліся мясцовыя Святыя: дабраверныя князі Барыс і Глеб, прападобныя Феадосій і Антоній Пячэрскія, Аўраамій Смаленскі, Еўфрасіння Полацкая, Сергій Раданежскі, свяціцелі Сімяон Полацкі, Кірыла Тураўскі і інш. Цэнтрамі рэлігійнага і культурнага жыцця сталі шматлікія цэрквы і манастыры, у якіх праславіліся многія падзвіжнікі хрысціянскай веры. Усё гэта стала плёнам той дзейнасці, якую распачала Праваслаўная Царква на старажытнарускіх землях пасля ўвядзення хрысціянства. Невыпадкова ў акафісце, прысвечаным Святому князю Уладзіміру, яна называе яго “райскім дрэвам”, бо ад яго бярэ свой пачатак тысячагадовая гісторыя праваслаўнай святасці, якая працягваецца дагэтуль: “Радуйся, райское древо, произрастившее две пречудныя отрасли, святых страстотерпцев Бориса и Глеба, радуйся, первостоятелю святых Русския Церкве…”.

У 2008 г. у дзень памяці Святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра было ўстаноўлена агульнацаркоўнае свята – Дзень Хрышчэння Русі. На выставе, створанай да XVII Міжнароднага фестывалю праваслаўных песнапенняў “Каложскі Благавест” і прымеркаванай да 1030-годдзя Хрышчэння Русі, прадстаўлены прадметы XVII – пачатку XXI ст.: абразы святых Рускай Праваслаўнай Царквы, кнігі з жыціямі святых угоднікаў Божых, царкоўнымі службамі і акафістамі ў іх гонар, а таксама друкаваныя выданні, памятныя медалі, значкі і сувеніры, прысвечаныя юбілейным датам Праваслаўнай Царквы ў Расіі і Беларусі.

Кошт:

· Школьнікі – 1,6 руб.;

· Студэнты – 1,8 руб.;

· Дарослыя – 2 руб.;

· Экскурсія – 8 руб. (група да 25 чал.).