«Адкрыццё святой прыгажосці»

вт, 16 января - ср, 31 января

23 лістапада 2017 г. пачала экспанавацца выстава «Адкрыццё святой прыгажосці», прымеркаваная да 500-годдзя першай беларускай гравюры і першай друкаванай кнігі, пачатак якім паклаў Францыск Скарына, распачаўшы ў 1517 г. выданне ілюстраванай Бібліі.

Прадстаўленыя на выставе работы аб’ядноўвае адна агульная тэма – тэма хрысціянскай духоўнасці. Гэта невыпадкова. Біблейскія сцэны і падзеі Свяшчэннай гісторыі, вобразы святых пачалі адлюстроўвацца з моманту зараджэння хрысціянства і прыцягваюць увагу майстроў да нашых дзён. Першая еўрапейская гравюра мела хрысціянскі сюжэт, які адразу стаў вядучым у гэтай галіне выяўленчага мастацтва і ў наступныя часы.

Выстава ўключае калекцыю гравюрных дошак на медзі ХІХ ст. з выявамі сцэн Старога і Новага Запаветаў. Выкананыя ў люстраным адбітку металічныя матрыцы адкрываюць таямніцу нараджэння вобразу. Можна ўявіць як звычайныя штрыхі нараджаюць формаўтвараючыя кампазіцыі. Калекцыю гравюрных дошак дапаўняе кніжная гравюра ХVІІІ ст., шырока прадстаўленая ў старадрукаваных выданнях каталіцкіх богаслужбовых кніг і Бібліі. Асобны раздзел выставы складае італьянская рэпрадукцыйная гравюра ХІХ ст. у тэхніцы афорта, які быў упадабаным жанрам для многіх вялікіх мастакоў. Прадстаўленыя работы выкананы па творах славутых жывапісцаў Рэнесансу і Барока. Іх адрознівае высокае майстэрства валодання разцом, бездакорная тэхніка і вытанчанасць выканання рысунка.

Экскурсіі праводзяцца з інтэрактыўным блокам - можна будзе адчуць сябе майстрам-друкаром, зрабіць адбітак на паперы.

У межах адкрыцця выставы 28 лістапада 2017 г. у 17.00 адбудзецца адкрытая лекцыя мастака-графіка Юрыя Якавенкі.