Запечатленный ангел

Мероприятие уже прошло
Вход:
вход свободный
Время работы:
10:00 - 19:00

НІЛА ГАРЧАНЮК УВАСОБЛЕНЫ АНЁЛ

Галерэя «У Майстра» прадстаўляе ўвазе гледачоў выставу жывапісу брэсцкага мастака Нілы Гарчанюк, якая атрымала назву «Увасоблены анёл».

Мастак упершыню выстаўляецца ў Гродне, таму неабходна пазнаёміць гледачоў з творчай біяграфіяй аўтара, якая даволі разнапланавая. Ніла Гарчанюк нарадзілася ў Брэсце. Вучылася ў Львоўскім інстытуце прыкладнога і дэкаратыўнага мастацтва (зараз – Львоўская нацыянальная акадэмія мастацтваў), на факультэце мастацкага тэкстылю. Займаецца станковым жывапісам, графікай, габеленам, педагагічнай працай у галіне мастацкай творчасці.

Ніла Гарчанюк пачала прымаць удзел у мастацкіх выставах з 1991 года. На сённяшні момант у яе прайшло больш за 30 выстаў – у Брэсце, Мінску, Польшчы, Украіне, 12 з іх – персанальныя. Акрамя таго, аўтар актыўна ўдзельнічае ў мастацкіх пленэрах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. Яе творы захоўваюцца ў зборах музеяў Брэста і прыватных калекцыях Беларусі і замежных краін. З 1997 года яна з'яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў.

Асаблівае месца ў творчым жыцці Нілы Гарчанюк займае педагагічная дзейнасць. Яна працуе кіраўніком узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дэкор», якая дзейнічае ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі горада Брэста. Яе вучні прымаюць удзел у мастацкіх выставах і прэстыжных конкурсах, дзе атрымліваюць высокія ўзнагароды.

Тэма прадстаўленай у Гродне выставы Нілы Гарчанюк «Увасоблены анёл» відавочна – гэта разнастайныя варыяцыі вобраза анёла. Адныя выявы вельмі абстрактныя, у іх рысы анёлаў амаль няўлоўныя. Другія – даволі дэкаратыўныя, падобныя на манументальны габелен альбо вітраж. Трэція – блізкія іканапісным выявам традыцыйнага праваслаўнага мастацтва. Аўтар нібыта спрабуе з дапамогай рознай стылістыкі ўвасобіць агульную ідэю. Гэта імкненне ўзвысіцца над паўсядзённасцю і паглыбіцца ў сферу святасці і велічы.

З чыста мастацкага пункту гледжання працы Нілы Гарчанюк у большасці сваёй вылучае манументальнасць і статычнасць кампазіцыі, абстрактны малюнак, плоскасная перадача формы, акцэнтаваная графічнасць, складаныя колеравыя спалучэнні, выкарыстанне фактурных прыёмаў пісьма. Калі паспрабаваць вызначыць стылістычныя прыхільнасці аўтара ў мастацтве, то самымі блізкімі будуць абстракцыянізм, які сцвярджае самадастатковасць колеру і імкнецца вызваліць яго ад формы рэальнай рэчаіснасці, а таксама кубізм, які выяўляе сутнасць рэчаў з дапамогай простых геаметрычных фігур.

Аднак галоўнае ў карцінах Нілы Гарчанюк – гэта святло і цеплыня душы аўтара, засярожанасць на духоўным баку нашага свету, пошукі трывалай духоўнай асновы жыцця чалавека.