Залататканая адзнака годнасці. Слуцкія паясы і шляхецкае адзенне 18-19 ст.ст.

Мероприятие уже прошло

У ХVІІ-ХVІІІ ст. сярод заможнага грамадства Рэчы Паспалітай пашыраецца ідэалогія сарматызма, якая грунтавалася на міфе аб паходжанні шляхты ад старажытных сарматаў. Многія антычныя аўтары, напрыклад Герадот, згадвалі аб непераможнасці сарматаў, якія ў V-ІV ст.ст. да н. э. жылі ў Паўночным Прычарнамор’і. У ХVІ ст. было створана паданне аб ваенным паходзе сарматаў на будучыя тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Нашчадкі пацярпелых паразу славян і балтаў – сяляне, мяшчане і гандляры, нашчадкі сармацкіх заваёўнікаў – шляхта і магнаты. Гэта знайшло адбітак у культуры, мастацтве і побыце шляхты.

У гэты перыяд склаўся традыцыйны шляхецкі строй неад’емнай часткай якога былі жупан і кунтуш (“пара”), якія дапаўняліся неабходным элементам – поясам. Іх сталі называць кунтушовымі ў сувязі з тым, што насілі іх звычайна на кунтушы – верхняй адзежы з разразнымі і спушчанымі рукавамі.

Паясы служылі сімвалам узроўню ўлады і багацця яго ўладальніка, суправаджалі чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях. Вякамі ў славянскай культуры паясам надавалі магічнае, абрадавае значэнне і ўпрыгожвалі сімвалічнымі дэкаратыўнымі арнаментамі, якія выконвалі ролю абярэгаў.

Кунтушовыя паясы – унікальны від ручнога ткацтва. Па-майстэрску выкананыя шэдэўры ткацтва ствараліся ў перыяд з сярэдзіны XVIII да першай паловы XIX стст. на мануфактурах Усходняй Еўропы, самай вядомай з якіх была Слуцкая.

Развіты мастацкі густ, прыроднае адчуванне колеру, своеасаблівая вытанчаная арнаментыка, кампазіцыйная гармонія кунтушовых паясоў ставяць іх у адзін шэраг з самымі высокімі дасягненнямі сусветнай мастацкай культуры.

Узорнымі лічылі вырабы майстроў з Асманскай імперыі, Персіі, Ірана, Кітая. Прывазныя паясы былі рэдкія і дарагія, таму ўзнікла неабходнасць стварэння мясцовых мануфактур (“персіярань”). Найбольш вядомай у Рэчы Паспалітай была мануфактура графаў Патоцкіх у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У радавым уладанні князёў Радзівілаў – Нясвіжы – таксама выраблялі “перскія” ці “стамбульскія” паясы па ўсходніх узорах. Вядома, што ўжо ў XVII ст. у Слуцку рамеснікі стваралі розныя тканыя вырабы. Высокі ўзровень майстэрства беларускіх ткачоў у Слуцку стаў галоўным довадам для князя Міхаіла Казіміра Радзівіла пры выбары асноўнага месца вытворчасці паясоў. У 1758 годзе ён запрасіў са Станіслава ткача Яна Маджарскага /армяніна Аванеса Маджаранца 17../?/ – 1800 або 1801/. Майстар перанёс у Рэч Паспалітую ўсходнюю традыцыю вырабу шаўковых паясоў і навучыў свайму майстэрству мясцовых ткачоў. У залежнасці ад колькасці металізаваных залотных або срэбных нітак паясы дзяліліся на літыя, напаўлітыя і простыя шаўковыя. Упрыгожваліся паясы раслінным або геаметрычным арнаментам. На аблямоўцы змяшчалі ткацкую марку з вытканым імем майстра або месцам вытворчасці.

Яшчэ ў перыяд росквіту вытворчасці кунтушовых паясоў з’явіліся фабрыкі, якія выпускалі паясы па ўзоры, распрацаваным у Слуцку. На тэрыторыі сучаснай Беларусі – гэта мануфактуры ў Гродне, Карэлічах, Слоніме, Ружанах; у Польшчы – у Ліпкаве, Кабылках (пад Варшавай), Кракаве, Гданьску; на Украіне – у мястэчках Корэц, Алеска, гарадах Бучач, Львоў. У Ліоне (Францыя) выраблялі паясы як з традыцыйнай слуцкай, так і з арнаментыкай, распрацаванай французскімі мастакамі.

Пасля канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай (1795) і далучэння этнічных зямель Беларусі да Расійскай імперыі асартымент ткацкіх мануфактур скарачаецца. Пасля паўстання 1831 года, падаўленага царскім урадам, традыцыйны касцюм шляхты быў забаронены – выходзіць з ужывання і кунтушовы пояс.

У ХІХ – пачатку ХХ стст. з прыходам еўрапейскай моды шаўковыя паясы пападаюць у дзяржаўныя і прыватныя калекцыі, з сямейных збораў перадаюцца ў касцёлы дзе выкарыстоўваюцца для аздаблення літургічнага аблачэння каталіцкага святара.

На сёння ў музейных зборах Беларусі захавалася не больш за 10-15 цэлых кунтушовых паясоў.