Валянціна Шоба

Мероприятие уже прошло

Валянціна Шоба нарадзілася ў 1964 годзе ў Мазыры. У 1989 скончыла Беларускую акадэмію мастацтваў. Пачала ўдзельнічаць у мастацкіх выстаўках з 1985 года. У 1991 была прынята ў Беларускі саюз мастакоў. Жыве ў Гродне. Працуе ў станковай графіцы, а таксама ў аўтарскай тэхніцы на мяжы графікі і жывапісу.

Валянціна Шоба стварае ў асноўным серыі работ, аб’яднаныя асабліва значнымі для яе тэмамі: “Час вандраванняў”, “Гульні з месяцам”, “Лісты аб каханні і смерці”, “Піраміды”, “Вясёлка”, “Каляндар”. Для творчасці мастака характэрна выказванне глыбока асабістага светаадчування, уласных перажыванняў, мараў і фантазій. Вынаходніцтва асаблівай аўтарскай тэхнікі спалучэння розных відаў фарбаў і мастацкіх прыёмаў змяшчае творы паміж графікай і жывапісам. Мастак смела выкарыстоўвае як тонкія графічныя прыёмы, так і складаныя жывапісныя эфекты: ювелірныя лініі, карункавыя штрыхі, вытанчаныя контуры, мудрагелістыя фактурныя плямы, элегантныя колеравыя спалучэнні. Сёння за плячыма Валянціны Шобы шматлікія выставачныя праекты, міжнародныя пленэры, прэстыжныя мастацкія зборы і ганаровыя ўзнагароды.

Кожнага чалавека можна аднесці да двух асноўных тыпаў. Адзін – так званая знешне арыентаваная асоба – усё жыццё ўсімі сродкамі імкнецца прыцягнуць да сябе ўвагу вялікага навакольнага свету, але навакольны свет толькі іранічна ўсміхаецца і хутка губляе цікавасць. Валянціна Шоба адносіцца да процілеглага тыпу – унутрана арыентаванай асобы, якая абсалютна раўнадушная да знешняй увагі, паглыбленая ў свет сваіх твораў і не мае патрэбы ў самадэманстрацыі. Пры гэтым навакольны свет нібыта магнітам цягне да такой асобы, ён пастаянна спрабуе прымусіць яе да кантакта, і часам гэта ўдаецца.

Падчас выставы мы маем магчымасць дакрануцца да ўнутранага свету мастака Валяніцны Шобы.